НЯСВІ́ЖСКАЕ КНЯСТВА,

буйное феад. зямельнае ўладанне князёў Радзівілаў у 16—18 ст. у Навагрудскім пав. Цэнтр — г. Нясвіж. Вядома з сярэдзіны 15 ст. (паводле некат. звестак, існавала ў 13 ст.). У 1492 вял. кн. Аляксандр падараваў двор Нясвіж з с. Круты Бераг і Чучэвічы П.Я.Мантыгірдавічу. У 1-й пал. 16 ст. маёнтак перайшоў да Радзівілаў. У 1547 М.Радзівіл Чорны атрымаў ад імператара Карла V княжацкі тытул «Свяшчэннай Рымскай імперыі», які ў 1549 прызнаны вял. князем ВКЛ. З гэтага часу да Нясвіжскага маёнтка Радзівілаў ужывалася назва Н.к. У пач. 1560-х г. у Н.к. праведзена валочная памера. У буйную латыфундыю Н.к. ператварыў сын Чорнага — М.К.Радзівіл Сіротка. У 1568—69 да яго ў спадчыну перайшло і далучана да Н.к. Мірскае графства. У 1587 гэта латыфундыя падзялялася на 7 ключоў (Нясвіжскі, Мірскі, Свержанскі, Быхаўшчынскі, Чанавіцкі, Салтанаўскі, Затур’янскі), налічвала каля 40 сёл. На поўдні Н.к. межавала з Клецкім княствам Радзівілаў. На аснове Н.к. ў 1586 створаны буйны маярат — Нясвіжская ардынацыя, правы на якую перадаваліся ў спадчыну старэйшаму прадстаўніку Радзівілаў па мужчынскай лініі. У пач. 17 ст. памеры Н.к. дасягнулі 5810 валок, тут было каля 3600 «дымоў» (25 тыс. чал. насельніцтва). У Нясвіжы знаходзіўся замкавы суд, якому падлягала ўсё насельніцтва, у т. л. і шляхта.

В.С.Пазднякоў.

т. 11, с. 414

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)